**
На вуліцы Школьнай 3.
1969 – 1989. Лёнік Балбас мог хадзіць на руках. Аднойчы ён прайшоў ад школьнай вулічнай прыбіральні да свайго дома. Гэта крокаў трыста, калі не больш. Памятаю яго наліты крывёй твар і брудныя пяты, якія боўтаюцца ў паветры. Макар Малодшы мог “набіваць” футбольны мячык левай нагой гадзіну. Так, што мячык не датыкнецца зямлі, а будзе пуьсаваць у паветры. Ніколі не палічыш дакладна, абавязкова саб’ешся. Макар з Лёнікам зачапіліся біцца за школай, побач з возерам. Лёнік выхапіў з кішэні нож. Макар адскочыў, рашпіліў скураны вайсковы пас з бліскучаў цяжкай спронжкай і зашморгнуў яго на руцэ. Біліся доўга. Фыркацеў у паветры пас. Бліскала лязо ножыка. Я – адзінаццаці гадовы, быў за шаснаццацігадовага Макара. Хлопцы наскоквалі адзін на аднога, лаяліся… Нарэшце Макар патрапіў і гваздануў спронжкай Лёніку ў скронь. Ножык з мокрымі тронкамі выпаў на пясок… Супернікі былі скрываўленыя, але засталіся жыць.
Праз колькі гадоў Макар сеў за бойку. Лёнік -- год, як сядзеў за рабаўніцтва. Потым зноў трапілі за краты. Сустрэліся праз дваццаць гадоў. Выпілі. Як не намагаліся мужчыны згадаць за што біліся на возеры, так і не змаглі.
Жыццё тады было і без таго цікавым.
**